Bricolage NL  
 

Боб Блэк (біл.)

Гуру з Бабруйска

Блэк — чалавек-легенда. Ідэі сварлівага скандаліста, этнографа, доктара права і дасьледніка маргінальнай субкультуры, могуць зацікавіць і маладых анархістам і пажылых негрыцянак-лезьбіянак. Рэцензыя Гуру з Бабруйска на кнігу Боба Блэка «Анархизм и другие препятствия для анархии», 2004г.

У кніжцы, выдадзенай у маскоўскім выдавецтве «Гілея» ў перакладзе Д.Каледзіна з прадмовай Міхаіла Вярбіцкага пасабіраныя выбраныя артыкулы, рэцэнзіі на кніжкі і кінастужкі , пасьляслоўі да кніжак і проста занатоўкі вядомага амерыканскага сытуяцыяніста. Рэч, на якую нам варта зьвярнуць увагу, перадусім, тое, што для Анархіі асноўная перашкода гэта «Анархізм», то бок інстытуалізацыя, будаваньне структураў, якія дублююць парадак, на які робіцца рэвалюцыйны замах. Рыба пачынае гніць з галавы. Анарха-мажоры.разьязжаюць па Італіях і Вэнесуэлах, выхваляюцца майкамі і значкамі з Чэгевашкамі і пішуць тэарэтычныя загрузы, каб пераканаць свае ўрады ў тым, што анархісты гэта зусім бясшкодна і міла. А калі трэба папратэставаць супраць бясчынстваў Сусьветнага Банка і імпэрыялістычных піявак, то лепшых за антыглябалістаў і не знайсьці.

Боб Блэк яшчэ знаходзіўся ў лепшых за нашыя ўмовах — там у ЗША прынамсі можна які час пажыць на вэлфэр і ня трэба шукаць спонсараў на выданьне фанзіна. Фанзіны мастакоў амэрыканскага андэграўнду — асобная тэма. Калі б не яны ў Амэрыцы не было б такога магутнага рэзерву альтэрнатыўнага мастацтва, не было б, напрыклад, «Каманды Амэрыка» Трэя Паркера, Горада Грахоў Радрыгеса, шмат якіх іншых стужак.

Неангажаваны ў альтэрнатыўныя карпарацыі Блэк дазваляе сабе экстравагантнейшыя ўчынкі — абазваць фемінізм фашыстам (ён прыдумаў для феміністак абразьлівую мянушку «фемінацы»), пасварыцца з недатыкальным Гуру амэрыканскага акадэмічнага анрхізму Мюрэям Букчыным, заслужыць абвінавачваньне ў антысемітызме, нават… трахнуць у азадак саму Анархію, дакладней, рудавалосую дзяўчыну з Гарварда, якая заявіла пра сваю заангажаванасьць у ідэях анархізма (эсэ-фантазія «Анархія»). Блэк правакуе на думку, што для багатых студэнтак брэнд «анархія» проста сэксуальная фішка на разбэшчанай майцы кшталту надпісу «фак мі», якая нічога не мае па сутнасьці агульнага зь нечым, пра што мае ўяўленьне толькі такі круты анарх, як сам Боб Блэк, чыё жыцьцё нашмат ціавейшае за яго, а тым больш за тэксты чырвоных прафэсароў. Кніга цікавая для не толькі для тых, хто цікавіцца сытуацыянізмам і сэксізмам Боба Блэка. Сам Блэк анархіст настолькі незвычайны, што яго ніяк немагчыма ўціснуць у нейкія «правыя» ці «левыя» рамкі, для яго паліткарэктныя левалібэральныя тэарэтыкі прыдумалі тэрмін «Анарха-інтэгрализм». Боб Блэк крытыкуе як капіталізм,так і антыкапіталізм камуністаў, сцьвярджаючы, што прадметам крытыкі апошніх павінна быць не канцэнтрацыя капітала ў руках асобнага алігарха, а сама праца, як сродак і мэта духоўнага і фізычнага зьняволеньня.

Яму належыць паняцьце «нуль-работы» і вялікі ўнёсак у крытычную тэорыю тэхнакратычнай канцэпцыі працы, месца, дзе як лепшыя сябры гуртуюцца Генры Форд і Ленін. Вось насамрэч цікавы ўрывак зь яго трактату, які Боб, як сапраўдны анархіст расклейваў на слупах:

«Канцэпцыя нульработы настолькі простая, што незразумела, чаму нехта дагэтуль яшчэ працуе. З тысячы амэрыканцаў 999 робяць чорт ведае што. Каля 500 перакладаюць з месца на месца бяссэнсавыя грошавыя ці падаткавыя паперкі, яшчэ 100 сочаць, каб ніхто гэтых паперак не зьнёс не ў той бок. Сто чалавек рамантуюць аўтамабиль, патрэбны астатнім бессэнсоўным таварышам каб езьдзіць на сваю шкодную і бессэнсавую працу. Яшчэ сто называюцца журналістамі і рэклямшчыкамі: яны хлусяць усім астатнім, каб ніхто не здагадаўся, што гэтыя рэчы не патрэбныя. Сабе таксама хлусяць, каб пазьбегнуць кагнітыўнага дысанансу. Яшчэ сотня хлусіць дзецям і падлеткам дзеля адміністратыўнага фашызму — гэта называецца школа і інстытут. Калі адмяніць грошы, рэкляму, масмедыя, выбары, прыватны транспарт, школу, цыгарэты, кока-колу і шмат іншых відавочна непатрэбных і шкодных рэчаў, у людзей нечакана будзе шмат вольнага часу. Гэта і ёсьць нульработа. Працаваць не павінен ніхто, бо гэта западло».

Боб Блэк аспрэчыў гобсаўскі прынцып барацьбы за існаваньне, паводле якога, толькі цывілізацыя і капіталізм дае чалавецтву шанец на шчасьлівае жыцьцё, якога не было ў прымітыўным грамадстве паляўнічых на мамантаў і зьбіральнікаў дзікага мёду. Жыцьцё індзейцаў было лепшым і прыгажэйшым за жыцьцё амэрыканскіх фэрмэраў і тых апошніх ўцякло да індзейцаў куды больш, чым немцаў праз Берлінскую сьцяну. Апошнія агмяні аграрнай утопіі пасярод індустрыяльнай цывілізацыі — Мэксыка, Індыя, Бразілія і Турцыя. Беларусь у сьпісак Блэка неяк не трапіла. Відавочна, што разбурэньне вёскі нашым самым народным прэзідэнтам, які імкнецца загнаць стыхійных вясковых анархістаў-трактарыстаў ў БеЛаг сельгаспасёлкаў з каровамі на даху не будзе запісана ў актыў існуючай уладзе, у савецкія часы вёска пасьлядоўна разбуралася індустрыяй сацыялістычнай вытворчасьці, якая проста зьяўляецца больш удасканаленай капіталістычнай сістэмай.

Аднак, радыкалізм Блэка праявіўся толькі ў тым, што ён фактычна прызнаўшы права на існаваньне кампрамісных формаў працоўнай занятасьці — «у любой крыху дэсталінізаванай сістэме нашмат больш свабоды, чым на працоўным месцы амэрыканскага рабочага» — Блэк падвізаўся ў таварыстве «субгеніяў» Айвена Стэнга, заснавальніка Царквы субгеніяў, якая шмат пазычыла з ідэяў нульработы Блэка. На той час Блэк рассварыўся з часопісам «Possessed World» пазьней адбыўся канфлікт з субгеніямі і саратніцай Донай Коссі, спецыяліста па вар’ятах і радыкалах, у выніку Блэк атрымаў бомбу па пошце, даў зласьлівае інтэрвію, пасьля якога яго абвінавацілі ў антысэмітызме — карацей цікавае ў чалавека жыцьцё, дурдом і гамора!

Наезды Блэка на аўтарытэтаў Хакім-Бея, Малькальма Макларэна, і, магчыма, найбольш цікавыя яго працы, крытыцы Мюрэя Букчына прысьвечана нават дзьве кнігі—характэрызуюць анархіста з самага найлепшага боку, бо калі змагаешся з пачварай, сам становішся пачварай, калі дыскутуеш з аўтарытэтам, ператвараешся ў аўтарытэта і г.д. Анархія, якая пачалася як барацьба і адмаўленьне аўтарытэтаў, абрасла аўтарытэтамі і набыла трупны суфікс –ізм, а ці ёсьць гарантыя што хуліганскія выхадкі Блэка не атрымаюць назвы «блэкізма»?

джерело: www.leftbelarus.org

Залишити коментар